23.11.2017

Вы здесь: Выставки Viatoris глядзiць на зорi

Viatoris глядзiць на зорi

E-mail Печать PDF

Польскі Інстытут у Мінску, Беларускі партал TUT.BY, Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”

Маюць гонар запрасіць на адкрыццё выставак жывапісу Пятра Яргуша (Кракаў) “Viatoris глядзіць на зоркі”, якія адбудуцца:
7 чэрвеня 2011 года а 18-й гадзіне. Галерэя TUT.BY (Мінск, вул. В.Харужай 1 А, 6 паверх)
8 чэрвеня 2011 года а 16-й гадзіне. Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе” (г. Заслаўе, вул. Рыначная, 4)

Viatoris глядзіць на зоркі
Viatoris у перакладзе з лацінскай мовы азначае “падарожнік”. Герой карцін вельмі выразны, адрасат без цяжкасцяў распазнае ў ім сябе і атаясамліваецца з ім. Ён ідзе альбо сядзіць. Заваёўнік, уцякач, а часцей - мінак. Але ёсць таксама яго хлеб, дрэва, камень. Звычайная карціна, аднак яна адносіцца да міфаў, у якіх мы не знойдзем ні простых рашэнняў, ні адных толькі шчаслівых завяршэнняў.

Паміж гэтымі ўяўленнямі чалавека расцягнутая мая неабходнасць апавядання і малявання таго, што з’яўляецца неапавядальным. Калі я малюю, я расказваю. Калі я расказваю, я малюю неабходнасць вобразу, прысвечанага чалавеку, які праходзіць міма і які недаўгавечны. Смутак выпраўлення ў дарогу, які я адчуваю кожную вясну, і які з’яўляецца цікавым. Таксама ён з’яўляецца смерцю ў адным месцы, каб нарадзіцца ў іншым.
У пастаянным руху, у гатоўнасці. Вандруе цела, пачуцці, думкі. Калі чалавек ідзе, ён мае сваё асаблівае вымярэнне. Зусім іншы ён лежачы, іншы ўстаючы, іншы ідучы.

Спакуса. Затрымацца. Спыніцца, заміраючы ў нерухомасці. Прыкінуцца бессмяротным. Вечнасць. Адпачыць. Стаць следам. Карцінай. Пырскай. Пакінуць след і выправіцца далей. Некалькі разоў у гісторыі пра качэўнікаў напісана: ніхто не ведае, адкуль яны прыйшлі і куды пайшлі. Гэта дарога нас стварае. Тое, куды мы ідзем. Мы не з’яўляемся пылам. Мы – дарога.
І карціна як след. Карціна як знак. Закляцце. Паказальнік дарог. Як крыж, які падрастаючы сын атрымлівае ад свайго бацькі. Як талісман у дарогу, знак чатырох бакоў свету і прадказанне будучай сустрэчы.

Навошта я часта расклейваю свае карціны на вуліцы? На вулічных слупах для аб’яў? Найбольш сузіральныя карціны мастакі малявалі, слухаючы на ярмарцы віск пеўняў, якіх рэзалі, у якасці Боскіх Маці ім пазіравалі служанкі, а святарамі былі касцельныя жабракі. Яны таксама былі і першымі , хто бачыў гэтыя карціны. Гледачамі, сведкамі сваёй трансфармацыі. Перамен. Карціна з’яўляецца рэальнасцю. Звыкласцю. Штодзённасцю. І прадметам, інструментам і духоўным бытам. Пошукі карцінай - гэта адначасова патрэба разумення і патрэба сустрэчы. Намаляваная карціна нясе важную дакладнасць. Дае азначэнне таму, чаму нельга даць азначэння.

Чалавек прамінае, карціна прамінае, а аповед… застаецца. Я прывёз у Мінск аповесць. А аповесць вымагае Тваіх вушэй, як карціна вымагае Тваіх вачэй… Я прывёз і мой смутак па аповесці і сваю рэзкасць, і нярэзкасць бачання. Усё навокал змяняецца. Наша ўспрыманне. Мы з’яўляемся зменнай фокуснай адлегласцю, яна з’яўляецца часткай нашай Душы. Здольнасцю адрозніваць і распазнаваць.

Мэтай вандроўкі майго Viatorisа з’яўляецца не пошук, што наводзіла б на думку пошуку нечага новага, а знаходжанне свайго Дому. З яго сапраўднасцю, з яго сферай sacrum i profanum, з жанчынай і мужчынай, з дзіцём, з месцам ля стала і любімымі жывёламі. З краявідам і пахам. З усім важным і няважным. Гэта асноўныя раўназначныя. Элементарныя. Для кожнага чалавека.
Я вяртаўся некалькі дзён таму ў Польшчу праз чатыры дзяржавы, гляджу, а свет усюды такі самы. Такія самы вёскі, такія самыя мужчыны ў барах з водкай на цыраце, маці з дзіцячымі вазкамі ля дарогі, сабакі ля будак і машыны ля пад’ездаў. Такія самыя малыя мястэчкі і іх жыхары, якія даношваюць заходнюю вопратку, грамадзяне з глыбіні імперыі. Гэта важная рэфлексія. Вобраз майго свету – амаль праўдзівы. Звычайны і не пануры, а, наадварот, аптымістычны. Нялёгка. Жывецца. Неяк удаецца жыць. Гэта самае галоўнае. “Рай быў нудны” – пісаў Чоран.

Viatoris, які шукае дом, - гэта сімвалічная гісторыя чалавецтва, што пачалася з моманту выгнання Адама і Евы з раю. Тады чалавек спазнаў боль і смерць. Гэта значыць, выгнанне як існуючы стан, амаль перманентны. Досвед пакаленняў маіх продкаў. Паўстанні, рэвалюцыі, войны. Іх таварышам быў голад і страх. Іх таварышам была дзіцячая лялька і некалькі дробязяў, забраных з дому ў апошні момант. Таму наступным этапам, дзе я пакажу Viatorisа, будзе Сібір. Там у Скарадуме мае прадзеды і дзяды маліліся словамі “Мы, выгнаннікі Евы, да цябе звяртаемся, злітуйся, злітуйся, зрабі так, каб мы не туляліся”. Гэта мая спроба памерацца з досведам пакаленняў. З нашым агульным досведам. Важным для нас – палякаў, беларусаў, літоўцаў, украінцаў, расіян. Якія маюць іншы досвед. Гісторыя складаная. Але ці калісьці было лёгка? Яны зрабілі з нас людзей у гэтай часцы свету. Яны з’яўляюцца нашым багаццем і траўмай досведу. І мой досвед успрымання свету расцягнуты між імі. Між Усходам і Захадам.

Беларусь. Я люблю яе далікатную прыгажосць. Яна ёсць і ў маіх генах таксама. У крыві. Гэта важная для мяне нагода сустрэчы і быцця. Мінск і Заслаўе. Бабулька з царквы ў Заслаўі лячыла мне нагу. Шчыра. Я б хацеў яе яшчэ раз сустрэць. Я вельмі хацеў паказаць тут свае карціны. Гэта атрымалася дзякуючы Сябру. Я пакажу дзве калекцыі карцін на паперы. Тыя, якія я больш за ўсё люблю, звычайныя і сціплыя, зусім убогія. Мне няшмат трэба, каб апісаць тое, што для мяне найбольш важна.

Захад думае: Рай – думаючы пра сябе, а дзе Пекла? Вядома, на Усходзе. На Захадзе, не ведаючы, ведаюць. На Усходзе, ведаючы, не ведаюць. Я аддаю перавагу гэтаму. Не ўсё можна зразумець. Самае галоўнае з’яўляецца для нас таямніцай. Можа менавіта таму д’ябал, які лепш ведае, жыве на Захадзе.
Кожны з нас мае свой Захад і свой Усход. Я польскі мастак, у сваім аповедзе стаю, расставіўшы ногі, над гэтымі досведамі, а мае карціны са мной.
13 мая 201, Пётр Яргуш


Пётр Яргуш

Пётр Яргуш нарадзіўся ў 1960 годзе ў Кракаве. Вучыўся на факультэце жывапісу Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве ў майстэрнях прафесара Станіслава Радзіньскага і прафесара Ўладзімежа Кунца. Дыплом атрымаў у 1987 годзе. Працягваў вучобу на факультэце графікі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў майстэрні прафесара Станіслава Вэймана. Скончыў таксама Педагагічны курс Акадэміі выяўленчага мастацтва. У 1987, 1990, 1997 гг. – стыпендыят Міністэрства культуры і мастацтва Рэспублікі Польшча.

Адбылося 60 індывідуальных выстаў Пятра Яргуша, а таксама ён браў удзел у больш чым 100 групавых выставах у Польшчы і за мяжой. У апошнія гады ён паказвае свае працы ў прасторы гарадоў, расклееныя на слупах для аб’яў. Менавіта такім чынам у Кракаве быў рэалізаваны праект "Польскія святы ", а цяпер рыхтуецца праект "Месяцы". У той жа час праект "Viatoris" падарожнічае: 2010 г. - Торунь, 2011 г. - Тэрэміскі ў Белавежскай пушчы, Варшава, Клуж-Напока ў Румыніі.

П. Яргуш - прафесар мастацкага факультэта Педагагічнага ўніверсітэта ў Кракаве. Ён кіруе майстэрняй жывапісу і малюнку па спецыяльнасцях мастацкая адукацыя і графіка. Пад яго кіраўніцтвам студэнты арганізавалі каля 40 прэзентацый жывапісу, малюнку і фатаграфіі ў розных выставачных месцах Кракава, Горліц, Кіева, Камянца Падольскага. Пётр Яргуш з’яўляецца арганізатарам і ініцыятарам жывапісных пленэраў на Украіне. Супрацоўнічае з Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны РП пры рэалізацыі праграмы “Gaude Polonia”. У 2008 годзе ўзнагароджаны Рэктарам педагагічнага ўніверсітэта за сукупнасць педагагічнай і мастацкай дзейнасці. У 2011 годзе адзначаны Сярэбраным медалём Міністэрства Нацыянальнай адукацыі.

{jcomments on}